|
26.04.2013 26.04.2013г. актывісты Беларускага Цэнтра ва Украіне і Руху Салідарнасці “Разам” ушанавалі памяць загінулых і пацярпелых у выніку страшнае трагедыі – Чарнобыльскае катастрофы. Дзеля гэтага актывісты наведалі Сабор Арханёла Міхаіла, дзе памаліліся і запалілі знічкі за ўсіх ахвяраў у Беларусі і Украіне. Пасля гэтага былі ўскладзены кветкі да помніка ліквідатарам аварыі на ЧАЭС.
Падчас правядзення жалобнага мерепрыемства актывістка Руху Салідарнасці “Разам” Галіна Сарочык падкрэсліла, што беларускае грамадства не мусіць забываць пра Чарнобыльскую катастрофу. Гэта не толькі таму, што пры сённяшняй уладзе ў Беларусі немагчыма мінімізаваць наступствы Чарнобыльскай катастрофы, але і таму што існуе вялікая небяспека новай экалагічнай катастрофы ў сувязі з пачаткам будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
26.04.2013г. Прэс-група Беларускага Цэнтра ва Украіне
г.Кіеў


27.03.2013  25 сакавіка ў Львове прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Волі. Арганізатараў святкавання, сябраў Руху Салідарнасці «Разам», з украінскага боку падтрымалі прадстаўнікі ВО “Свобода” і УНА-УНСО. Да святочных мерапрыемстваў у Львове з беларускага боку далучыліся паэт, грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч, рок-музыка і грамадскі дзеяч Ігар Сімбіроў, намеснік старшыні Беларускага цэнтру ва Украіне “Захад” Віталь Макаранка, брат палітзняволенага Мікалая Статкевіча Аляксандр Статкевіч. Урачыстае святкаванне распачалося з узняцця бел-чырвона-белых сцягоў ля Львоўскай гарадской рады і шэсця ад гістарычнага цэнтру Львова да Лычакаўскіх могілак, дзе пахаваны паўстанцы 1863-1964 года, для якіх Львоў стаў калісці прытулкам ад пераследу ўладаў царскай Расеі. Удзельнікі мерапрыемстваў усклалі кветкі, запалілі знічкі і прачыталі малітвы ля помніка беларускаму паўстанцу Сымону Шыдлоўскаму і яго паплечнікам. Затым дэлегацыя крочыла да Львоўскай гарадской рады, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі львоўскай мэрыі і сябрамі ўкраінскіх апазіцыйных партый. Ганаровым госцем сустрэчы быў народны герой Украіны Юрый Шухевіч, які прывітаў дэлегацыю з Мінска і пажадаў поспехаў на ніве адраджэння нацыянальнай беларускай культуры, мовы і гісторыі. Дэпутат Львоўскага гарадскога савету і сябра ВО “Свобода” Любамір Мельнічук у сваёй прамове адзначыў: “У гадавіну Дня Волі ва Украіне паўтараецца беларуская палітычная сітуацыя, таму нашы народы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пазбавіцца дыктатуры і нарэшце пабудаваць незалежныя нацыянальныя зяржавы, якія ўзніклі 95 гадоў таму”. Беларускі паэт Славамір Адамовіч распавёў украінскім гасцям пра тое, як у Беларусі пачалі ўзнікаць першыя палітвязні новага часу, як ён сам прымаў удзел у апазіцыйных акцыях, ладзіў адзіночныя пікеты, і неаднойчы станавіўся палітвязнем, вымушаны быў з’ехаць за мяжу, але ўвесь час вяртаецца на Радзіму. Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Макаеў падзякаваў украінцаў за цёплы прыём, падкрэсліўшы, што Дзень Волі ў Львове адбываецца ўпершыню. Ён звярнуў увагу яшчэ на аднаго ўдзельніка акцыі з Беларусі — рок-музыку і актывіста Ігара Сімбірова, які ўпершыню за многія гады не патрапіў за краты, адзначаючы Дзень Волі, бо адзначае гэтае свята ў братняй Украіне. І наадварот, на жаль, рэпрэсіўныя органы Беларусі за святкаванне Дня Волі ў Мінску затрымалі трох грамадзянаў Украіны з іх нацыянальнай сімволікай-сіне-жоўтымі сцягамі. Завершылася святкаванне Дня Волі ўскладаннем вянка і прамовамі ля помніка Сцяпану Бандэры. Нагадаем, 25 сакавіка Старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык сумесна з прадстаўнікамі ўкраінскіх партый і рухаў, правёў акцыю салідарнасці з беларускім народам з нагоды 95-й гадавіны Дня Волі і пікетаванне Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кіеве з патрабаваннем неадкладнага вызвалення трох грамадзянаў Украіны, якія былі затрыманы падчас святкавання Дня Волі ў Мінску.


Таццяна Уласенка, Новы Час
|