Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (Б.А.З.А.) / Belarusan American American Association, Inc. (B.A.Z.A.) - гэта афіцыйна зарэгістраваная ў ЗША арганізацыя беларусаў, выхадцаў з Беларусі, а таксама людзей, якія эмацыйна, генеалягічна або ў іншы спосаб зьвязаныя з Беларусьсю. Арганізацыя існуе з 1949 г.
Асноўнымі мэтамі арганізацыі ёсьць:
- захаваньне і падтрымка беларускай культуры ў ЗША;
- узаемадапамога сяброў арганізацыі;
- інфармаваньне амэрыканскай грамадскасьці і амэрыканскіх афіцыйных уладаў пра беларусаў у ЗША, пра беларускія культурныя каштоўнасьці, пра гісторыю і сучаснае становішча ў Беларусі;
- падтрымка беларускай нацыянальнай культуры, дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі.
Асноўнымі прынцыпамі арганізацыі ёсьць:
- прызнаньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі й спрыяньне ёй;
- прызнаньне беларускай нацыянальнай культуры і беларускай мовы як галоўных духовых вартасьцяў беларускага народу і спрыяньне ім;
- прызнаньне беларускіх нацыянальных сымбаляў - Бел-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня”, ужываньне і пашырэньне іх;
- прызнаньне прынцыпаў свабоды і дэмакратыі й падтрымка іх.
Асноўнай структурай арганізацыі ёсьць сукупнасьць мясцовых аддзелаў (Нью Ёрк, Нью Джэрзы, Кліўлянд, ды інш.), што аб’яднаныя над кіраўніцтвам Галоўнай управы Б.А.З.А.
Арганізацыя грунтуецца на прынцыпе сяброўства. Сябры арганізацыі абіраюць кіраўніцтва, якому даручаецца весьці дзейнасьць арганізацыі ад імя сяброў. Канстытуцыя і статут Б.А.З.А. рэгулююць яе дзейнасьць і структуру.
Сябрам арганізацыі можа быць кожны, хто прызнае й падтрымлівае статут, мэты і прынцыпы Б.А.З.А. і не вядзе дзейнасьці, што ім супярэчыць. Сябар Б.А.З.А абавязуецца:
- браць чынны ўдзел у дзейнасьці арганізацыі, і ў імпрэзах, ладжаных ёю;
- плаціць сяброўскія складкі (50 амэр. даляраў на год);
- выпісваць друкаваны орган арганізацыі-газэту “Беларус” (кошт падпіскі--50 амэр. даляраў на год).